Международный научно-практический круглый стол «Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 года і яго гісторыка-тэарэтычнае асэнсаванне», посвященный доктору юридических наук, профессору Таисии Ивановне Довнар – итоги круглого стола

11 кастрычніка 2019 г. на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбыўся Міжнародны навукова-практычны круглы стол «Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 года і яго гісторыка-тэарэтычнае асэнсаванне», прысвечаны доктару юрыдычных навук, прафесару Таісіі Іванаўне Доўнар.

Да ўдзелу ў круглым стале было заяўлена каля 70 дакладаў ад навуковых, практычных работнікаў, прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага саставу вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, Украіны, Расійскай Федэрацыі, многія з якіх прынялі непасрэдны ўдзел у працы круглага стала.

Пасяджэнне круглага стала з вітальным словам адкрылі:

– Балашэнка Сяргей Аляксандравіч, дэкан юрыдычнага факультэта, доктар юрыдычных навук, прафесар;

– Лешчанка Сняжана Канстанцінаўна, намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ;

– Лапцэвіч Ірына Ігараўна, начальнік аддзела даследаванняў у вобласці праваахоўнай дзейнасці і ажыццяўлення правасуддзя Інстытута прававых даследаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, кандыдат юрыдычных навук;

– Білейчык Аляксандар Уладзіміравіч, памочнік старшыні Беларускай натарыяльнай палаты;

– Кёниг Алена Аляксандраўна, намеснік начальніка сектара “Цэнтар грамадска-інфармацыйных праектаў ТАА «Юрспектр».

З вітальным словам і праблемнымі пытаннямі юрыдычнай і гісторыка-прававой навукі выступілі:

– Сокал Сцяпан Фёдаравіч, саветнік рэктара Прыватнай установы адукацыі «БІП-Інстытут правазнаўства», доктар юрыдычных навук, прафесар;

– Васілевіч Рыгор Аляксеевіч, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь;

– Шалкапляс Валянціна Аляксандраўна, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт.

Таксама з дакладамі выступілі:

Калінін Сяргей Артуравіч, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, які адзначыў важнасць разгляду дзяржавы ў суадносінах з канкрэтнай тэрыторыяй, канкрэтнай прасторай, валодаючай уласным гістарычным імянем.

Гаўрыльчанка Юлія Пятроўна, прафесар кафедры фінансавага права і прававога рэгулявання гаспадарчай дзейнасці юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар юрыдычных навук, дацэнт, якая спынілася на раскрыцці значэння гісторыка-прававой навукі ў кантэксце фарміравання і падтрымкі ў студэнцкім асяроддзі гістарычнай памяці.

Юрашэвіч Надзея Міхайлаўна, намеснік дырэктара Навукова-даследчага інстытута тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання, дырэктар Цэнтра даследаванняў дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, якая раскрыла значэнне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 года ў кантэксце канцэпцыі своечасовасці ў праве і кіраванні.

Вішнеўская Ірына Уладзіміраўна, дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, якая ў сваім выступленні прааналізавала значэнне такіх катэгорый як законнасць і справядлівасць у палітыка-прававой думцы Беларусі эпохі Адраджэння і Рэфармацыі.

Саракавік Іван Аляксандравіч, дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, які адзначыў значны ўклад прафесара Т. І. Доўнар у станаўленне і развіццё гісторыка-прававой навукі Беларусі, у стварэнне разам з прафесарам І. А. Юхо навуковай школы гісторыі дзяржавы і права Беларусі, у выданні ў 2014 годзе першага ў гістоыі Беларусі падручніка па гісторыі дзяржавы і права Беларусі.

Адамюк Алег Іванавіч, дацэнт кафедры канстытуцыйнага і адміністрацыйнага права Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, які спыніўся на ўкладзе прафесара Т. І. Доўнар у распрацоўку праблем гісторыі ваеннай юстыцыі ў Беларусі, а таксама на абароненых пад яе кіраўніцтвам кандыдацкіх дысертацый.

Шчэрбік Дзмітрый Васільевіч, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, які спыніўся на аналізе перадумоў распаўсюджвання пісанага права ў Вялікім Княстве Літоўскім у ХІV – ХVІ стагоддзях, у тым ліку і стварэння Статута 1529 года.

Арлоўская Алена Іванаўна, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, якая расказала аб ролі шляхты ў развіцці парламенцкай сістэмы ў Вялікім Княстве Літоўскім (XIV – XVI стст.).

Таксама былі заслуханы даклады Падалінскага Уладзіміра Аляксеевіча, загадчыка кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдата гістарычных навук, дацэнта “Люблінская ўнія 1569 года як крызіс дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага”; Хаткевіч Наталлі Мікалаеўны, старшага выкладчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта “Стимулирование правового поведения посредством предоставления преференций”; Рапяна Юрыя Хачатуравіча, магістранта кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта “Статут Великого княжества Литовского 1588 г. как источник российского Соборного Уложения 1649 года.

У заключэнні пасяджэння выступіла з дакладам прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар юрыдычных навук, прафесар Доўнар Таісія Іванаўна, якая спынілася на аналізе прычын і падстаў прыняцця першага сістэматызаванага зводу законаў Вялікага Княства Літоўскага – Статута 1529 г., важнейшых палажэннях Статута 1529 г., адлюстраваўшых новыя прагрэсіўныя тэндэнцыі ў праве. Падкрэслівалася яго значэнне як дзеючага закона і тэарэтыка-праграмнага дакумента, у якім знайшла адлюстраванне палітыка-прававая думка. Яна звярнула таксама ўвагу на стан гісторыка-прававой навукі, яе дасягненні і недахопы.

Напрыканцы былі падведзены вынікі круглага стала.

Па выніках круглага стала запланавана выданне зборніка навуковых прац.

Аргкамітэт выказвае падзяку за супрацоўніцтва Нацыянальнаму цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнаму цэнтру прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Інстытуту перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ, Беларускай натарыяльнай палаце, ТАА «ЮРСПЕКТР».

См. также.